Беларуская Служба

Камітэт ААН прызнаў парушэнні правоў беларускай дзяржавай адразу 13-ці чалавек

15.08.2024 16:01
Скаргі былі падрыхтаваныя як самімі пацярпелымі, гэтак і іх прадстаўнікамі — беларускімі праваабаронцамі — яшчэ да таго, як дэнансацыя беларускай дзяржавай Факультатыўнага пратакола набыла моц 8 лютага 2024 года.
Ілюстрацыйны здымакsucco/pixabay.com/CC0

Камітэт па правах чалавека ААН 17 ліпеня 2024 года на сваёй чарговай сесіі прыняў рашэнне адносна 21-га паведамлення, прадстаўленага 13-ю грамадзянамі і грамадзянкамі Рэспублікі Беларусь на разгляд згодна з Факультатыўным пратаколам да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Скаргі былі падрыхтаваныя як самімі пацярпелымі, гэтак і іх прадстаўнікамі — беларускімі праваабаронцамі — яшчэ да таго, як дэнансацыя беларускай дзяржавай Факультатыўнага пратакола набыла моц 8 лютага 2024 года. Адно з рашэнняў прынята па паведамленні № 3826/2020, прадстаўленага праваабаронцам Алегам Мацкевічам ад імя грамадзяніна Беларусі Аляксандра Абрамовіча.

Усе разгледжаныя паведамленні тычацца парушэння беларускай дзяржавай права грамадзян на правядзенне мірных сходаў і свабоду меркаванняў. 

Згодна з атрыманымі КПЧ звесткамі ў перыяд з 2016 па 2020 гады аўтары і аўтаркі паведамленняў удзельнічалі або публічна заклікалі да ўдзелу ў несанкцыянаваных мірных акцыях пратэсту ў розных гарадах Беларусі. Пасля ўсе яны былі затрыманыя міліцыяй і абвінавачаныя ў парушэнні арт. 23.34 КаАП, які прадугледжваў (мінулы КаАП дзейнічаў з 01.03.2007 па 01.03.2021 года) адказнасць за парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.

Аўтараў аштрафавалі і арыштавалі тэрмінам ад пяці да 10 сутак. Скаргі, пададзеныя на пастановы судоў першай інстанцыі, вынікаў не прынеслі.

Больш падрабязна са справай знаёміць Вясна.
ав