Сілавікі затрымалі мужа палітвязня Кацярыны Андрэевай журналіста Ігара Ільяша. Яго фота ў кайданках апублікаваў набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал.
Пазней ГУБАЗіК апублікаваў відэа, у якім Ільяш кажа, што даваў каментары пра сваю палітзняволеную жонку, а таксама ўдзел Беларусі ў вайне медыя, якія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі фармаваннямі».
Ігар Ільяш — журналіст і муж журналісткі Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай), якая з 2020 года знаходзіцца ў зняволенні.
Ільяш і Андрэева ў суаўтарстве напісалі кнігу «Беларускі Данбас» (у сакавіку 2021 года суд унёс яе ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў) пра беларусаў, якія бралі ўдзел у вайне на Данбасе як з боку Украіны, так і з боку Расіі.
У лістападзе 2020 года Ільяшу прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у пікетаванні. 16 ліпеня 2021 года ён быў затрыманы падчас масавых вобшукаў і затрыманняў незалежных журналістаў па ўсёй Беларусі. У кватэры журналіста правялі ператрус, забралі тэхніку і кнігі, а пасля яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Пасля 15 сутак арышту ён выйшаў на волю.
Кацярына Андрэева працавала журналісткай на тэлеканале «Белсат». Яе і аператара Дар'ю Чульцову затрымалі ў лістападзе 2020 года падчас стрыму з «плошчы Перамен», дзе сілавікі жорстка разганялі пратэстоўцаў. Суд прыгаварыў журналістак да двух гадоў пазбаўлення волі, Дар'я выйшла на свабоду пасля адбыцця пакарання і з'ехала з краіны. А на Кацярыну падчас зняволення завялі новую крымінальную справу — аб здрадзе дзяржаве. Працэс быў закрытым, жанчына атрымала 8 гадоў і 3 месяцы пазбаўлення волі.
Кацярына Андрэева знаходзіцца ў гомельскай папраўчай калоніі № 4. Яна ўнесеная ў спіс «экстрэмістаў».
вх