Для «ўмацавання супрацоўніцтва па пытаннях, звязаных з Беларуссю», краіны Паўночнай рады прызначаць каардынатараў для кантактаў з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Рэйк’явіку кіраўнік МЗС Швецыі Марыя Мальмер Стэнергард - краіны, якая старшынствуе ў радзе, паведамляе «Позірк».
Падкрэсліўшы «занепакоенасць цяжкай сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі», Стэнергард таксама адзначыла, што абмеркавала з калегамі падтрымку Міжнароднага гуманітарнага фонду для беларускіх палітвязняў і іх сем’яў.
Кіраўнічка шведскага МЗС таксама запэўніла, што захаванне прыярытэту Беларусі ў міжнародным парадку дня застаецца адной з першарадных задач для краін Паўночнай рады.
Прэс-канферэнцыя прайшла пасля сустрэчы дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай і кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін Паўночнай рады. У ёй таксама прынялі ўдзел міністры замежных спраў Нарвегіі, Фінляндыі, Ісландыі, Даніі і Фарэрскіх астравоў.
Святлана Ціханоўская, якая наведвае Ісландыю 28-31 кастрычніка, з’яўляецца адным з двух спецыяльных гасцей 76-й сесіі Паўночнай рады. Другім з’яўляецца прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
аз