Беларуская Служба

Лукашэнка, які ідзе на сёмы тэрмін, зноў загаварыў пра «новае пакаленне» ва ўладзе

08.01.2025 19:57
Пры гэтым ён заявіў, што «нікуды заўтра не збяжыць» і «спадзяецца пажыць пры новай уладзе». 
  ,
Памеранскі шпіц Умка, Лукашэнка і яго генералы скрыншот/Пул першага

«Мы аддаём Беларусь у рукі новага пакалення», – заявіў Лукашэнка, які ідзе на сёмы тэрмін і плануе кіраваць краінаю да 2030 года. Палітык сказаў, што «нам давядзецца гэтае пакаленне сфармаваць», і назваў гэта «найцяжэйшай працаю», паведамляе «Белсат». 

Пра «новае пакаленне» ва ўладзе Аляксандр Лукашэнка кажа другі дзень запар. Напярэдадні, прамаўляючы ў храме ў Лагойску, палітык канстатаваў, што ён не вечны. 

«Будучы час, і асабліва будучая пяцігодка – гэта змена пакалення. І я, і многія са мною – мы ж не вечныя. Патрэбна падрыхтаваць маладое пакаленне. Як маладое – наступнае пакаленне», - сказаў дыктатар. 

Пры гэтым ён заявіў, што «нікуды заўтра не збяжыць» і «спадзяецца пажыць пры новай уладзе». 

«Пакуль маецца здароўе, я буду з вамі. На любой пасадзе буду працаваць дзеля таго, каб захаваць тое, што мы стварылі ўласнымі рукамі», - зазначыў Лукашэнка. 

Ён у чарговы раз сказаў, што «за ўладу не трымаецца», а таксама паабяцаў зрабіць усё, каб «ціха і спакойна перадаць уладу новаму пакаленню». Ён прызнаў, што змена пакаленняў – часта балючы працэс, але ў Беларусі, маўляў, усё будзе добра. 

Пра новых людзей ва ўладзе Лукашэнка заявіў і сёння на цырымоніі ўручэння прэміяў у Палацы Рэспублікі. 

«Мы аддаём нашую краіну ў рукі новаму пакаленню. Нам з вамі давядзецца гэтае пакаленне сфармаваць і нам з вамі давядзецца іх пасадзіць у свае крэслы і ва ўладу. Найцяжэйшая праца, аднак мы маем яе арганізаваць і правесці», - сказаў дыктатар. 

Таксама Лукашэнка паабяцаў «няпросты год» і папярэдзіў, што «давядзецца напружвацца ўдвая болей». Акрамя таго, палітык, які кіруе краінаю 30 гадоў, паабяцаў «зрабіць усё ў пяцігодцы, што мае быць, каб нашая краіна назаўжды забыла праблему захавання сваёй дзяржаўнасці». 

«Нашая краіна заўсёды будзе дзяржаваю насуперак любым плыням і тэндэнцыям на міжнароднай арэне», - паведаміў Лукашэнка. 

Ад каго зыходзіць гэтая пагроза беларускай дзяржаўнасці, Лукашэнка не ўдакладніў.

вс