Беларуская Служба

Болей за 3 270 чалавек асудзілі за ўдзел у пратэстах супраць фальсіфікаваных вынікаў выбараў у 2020 годзе

23.01.2025 08:30
Самым распаўсюджаным спосабам пераследу пратэстоўцаў ужо пяты год з'яўляецца арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Ілюстрацыяфота: ilikeyellow/shutterstock

У Беларусі праходзіць датэрміновае галасаванне на гэтак званых прэзідэнцкіх выбарах, але гэта адбываецца ў атмасферы страху і прыгнёту. Беларускія праваабаронцы нагадваюць, што ўжо пяты год рэжым ладзіць шырокамаштабныя рэпрэсіі: адбываюцца затрыманні і крымінальныя суды, у тым ліку за ўдзел у акцыях пратэсту супраць фальсіфікаваных вынікаў мінулых прэзідэнцкіх выбараў.

Пераслед пратэстоўцаў адбываецца паводле арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак), 342-2 (неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў), 293 (масавыя беспарадкі) Крымінальнага кодэкса.



Па інфармацыі Праваабарончага цэнтра «Вясна», з 2020 года паводле гэтых артыкулаў у Беларусі асудзілі мінімум 3 277 чалавек. Лічба можа быць большай, бо рэжым хавае сапраўдныя маштабы рэпрэсій. Гэта амаль палова ад усіх асуджаных па палітычна матываваных матывах з 2020 года.

Як адзначае юрыстка Праваабарончага цэнтра «Вясна» Святлана Галаўнёва, на сёлетніх гэтак званых прэзідэнцкіх выбарах узровень кантролю за ўсімі мерапрыемствамі каля іх адчуваецца мацнейшы, чым падчас рэферэндуму 2022 года і адзінага дня галасавання 2024 года.

«Нягледзячы на невялічкія хвалі памілаванняў некаторых палітвязняў, агульны ўзровень рэпрэсій высокі. Увесь час з’яўляюцца новае рэпрэсіўнае заканадаўства і практыкі. Так, у 2024 годзе мы бачылі вялічэзную колькасць відэа, запісаных пад прымусам, даведаліся пра клетку ў жаночай калоніі, назіралі ўзмацненне пераследу квір-персон і ЛГБТК+ супольнасці, усплеск рэпрэсіўных практык у дачыненні да людзей, якія падтрымліваюць палітзняволенных, а таксама новыя практыкі ціску на працоўных месцах. Штосьці з гэтых тэндэнцый развівалася паралельна парадку выбараў, штосьці – ў відавочнай сувязі. Атмасфера страху працягвае панаваць, а ўдзел у грамадска-палітычным жыцці адкрыта забараняецца», - лічыць Святлана Галаўнёва.

Самым распаўсюджаным спосабам пераследу пратэстоўцаў ужо пяты год з'яўляецца арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Па ім асудзілі мінімум 3 016 чалавека. Суды працягваюцца да гэтага часу. Толькі з 13 па 17 студзеня, паводле арт. 342 КК, у беларускіх судах разглядалі справы ў адносінах да 23 чалавек.

Юрыстка «Вясны» адзначае, што тэрмін даўніны паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса сканчваецца амаль праз паўгода:

«З вядомых нам выпадкаў палітычна матываванага пераследу, самая вялікая колькасць справаў у апошнія гады застаецца па ч. 1 арт 342 КК – за ўдзел у вулічных пратэстах. Тэрмін даўніны па гэтым артыкуле – пяць год. То бок ужо хутка ўлады не змогуць так актыўна затрымліваць удзельнікаў пратэстаў 2020 года, ідэнтыфікаваных па фатаграфіях і відэа».

аз

BySol праводзіць збор сродкаў на аплату лячэння і пахавання беларускага палітэмігранта Андрэя Васоры

22.01.2025 13:01
Андрэй Васора дапамагаў ветэранам і эмігрантам. Цяпер дапамога неабходная ягонай сям’і.

Еўрапарламент адмовіўся прызнаваць легітымнасць Аляксандра Лукашэнкі

22.01.2025 15:10
Дакумент падтрымалі 567 з 658 еўрадэпутатаў, што бралі ўдзел у галасаванні, 25 выступілі супраць, 66 устрымаліся.