Беларуская Служба

У Гомелі за «распаўсюд экстрэмізму» судзілі брата і бацьку палітычнага ўцекача, які ўдзельнічаў у вулічнай акцыі ў Ізраілі

06.02.2025 12:57
Два судовыя пасяджэні запар адбыліся ўчора ўвечары ў судзе Гомельскага раёна.
   .
Васіль і Дзмітры Стагурскія.Фота: «Гомельская вясна»

4 лютага з’явілася інфармацыя пра затрыманне Дзмітрыя Стагурскага. Пра гэта выданню «Флагшток» паведаміў ягоны брат Мікалай Стагурскі, які праз палітычны пераслед раней мусіў пакінуць Беларусь, а 26 студзеня браў удзел у акцыі ў Ізраілі, скіраванай супраць так званых «выбараў» у Беларусі.

Пасля таго, як Мікалай Стагурскі паўдзельнічаў у варшаўскай акцыі, яму асабіста пагражаў вядомы праўладны прапагандыст Рыгор Азаронак, піша «Гомельская вясна».

Менавіта з гэтым звязваюць затрыманне Дзмітрыя Стагурскага — брата актывіста-палітэмігранта. Але затрымалі не толькі брата — Дзмітрыя, але і бацьку — Васіля Стагурскага.

5 лютага ў судзе Гомельскага раёна адбыліся адразу два судовыя пасяджэнні, падчас якіх разглядаліся адміністрацыйныя справы з абвінавачваннямі паводле часткі 2 артыкула 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, занесенай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў) двух людзей з прозвішчам Стагурскі.

А 16-й гадзіне прызначаная Лукашэнкам на пасаду суддзі ў Гомель Інга Яцухна асудзіла Дзмітрыя Васільевіча Стагурскага, а ўжо а 16.30 пад старшынствам тае ж Інгі Яцухна прайшоў працэс датычна Васіля Уладзіміравіча Стагурскага. Вынесеныя рашэнні зараз высвятляюць праваабаронцы.

Сутнасць абвінавачванняў, якія закідаюцца Васілю і Дзмітрыю Стагурскім пакуль невядомая. Але, у сувязі з неабходнасцю адпомсціць палітычнаму ўцекачу праз пераслед ягоных родзічаў у Беларусі, справы могуць быць цалкам сфальсіфікаванымі.

Гамяльчаніна Мікалая Стагурскага затрымалі ў ліпені 2022 года. 18-гадоваму хлопцу сілавікі прыехалі дадому - сказалі прайсці з імі на «прафілактычную гутарку». Стагурскага адвезлі ў аддзяленне РУУС у Гомелі, дзе яму агучылі «падазрэнне па наркотыках». Пазней супрацоўнік КДБ прапанаваў хлопцу супрацу. Стагурскі падпісаў паперу аб невыдаванні супрацоўніцтва і прыдумаў пазыўны «Жнец». Пасля 20-30 сустрэч з куратарам з КДБ гамяльчанін змог з'ехаць за мяжу, дзе і расказаў сваю гісторыю.

вх