Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што на сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам хацеў бы абмеркаваць пытанне Беларусі, паведамляе Свабода.
«Мы хочам абмеркаваць з Трампам тое, што расіяне хочуць зрабіць з Беларуссю. Мы гэта дакладна ўсведамляем», — сказаў Уладзімір Зяленскі журналістам 14 лютага ў Мюнхене (Нямеччына), куды ён прыехаў для ўдзелу ў Канферэнцыі ў пытаннях бяспекі.
Украінскі прэзідэнт не ўдакладніў ніякіх дэталяў.
Раней агенцтва Reuters паведаміла, што ўвечары 14 лютага прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустрэнецца з віцэ-прэзідэнтам ЗША Джэй Ды Вэнсам і дзяржсакратаром ЗША Марка Рубіё.
Канферэнцыя ў пытаннях бяспекі праходзіць у Мюнхэне з 14 да 16 лютага. Чакаюць, што ў ёй возьмуць удзел каля 60 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, 150 міністраў з усяго свету, а таксама кіраўнікі вядучых міжнародных арганізацый. У канферэнцыі ўдзельнічае беларуская дэлегацыя на чале з Святланай Ціханоўскай.
яс