Беларускія хрысціянскія дэмакратры пад кіраўніцтвам Георгія Дзмітрука заявілі пра тое, што выявілі крата ўнутры супольнасці — Яўгена Дудкіна. Падчас унутраных разбіральніцтваў выявілася, што Дудкін з’яўляецца даўнім агентам КДБ. Таксама ён нібыта сам пацвердзіў гэты факт на пасяджэнні Управы партыі БХД 30 студзені 2025 года ў прысутнасці сяброў партыі.
У адказ на гэта палітык даў «Нашай Ніве» каментар, у якім усё аспрэчвае:
«Я не з'яўляюся агентам КДБ. Зараз ідзе мэтанакіраваная кампанія супраць мяне. Прычына — мая паспяховая дзейнасць у партыі».
Ад далейшых каментароў Дудкін адмовіўся.
А калі ў яго ўдакладнілі, ці прызнаваўся ён аднапартыйцам у супрацоўніцтве з КДБ, Дудкін адказаў, што «гэта была праверка сябры партыі» (дакладная цытата — НН).
Яўген Дудкін — 36-гадовы палітычны дзеяч у эміграцыі. Ён настаўнік па адукацыі і рэгіянальны актывіст. З Белврусі з’ехаў яшчэ ў 2018-м, асеў у Польшчы як эканамічны мігрант. Апошнім часам ён з’яўляўся кіраўніком фонду «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».
Крыніцы «Нашай Нівы» паведамілі, што Дудкін прызнаўся аб тым, што быў завербаваны КДБ яшчэ напрыканцы 2000-х.
«Новы час» піша, што ў сувязі са справай Дудкіна беларускіх актывістаў выклікаюць на допыты ў паліцыю Польшчы.
яс