«Андрэй Пачобут — голас тых, каго прымушаюць маўчаць, — кажа старшыня Камітэта PEN International па перакладзе і моўных правах Урцы Уррутыкаэчэа. — Ён плаціць жахлівую цану за сваю непахісную прыхільнасць да праўды і справядлівасці. За кратамі, пазбаўлены свабод, за якія змагаўся, ён стаў страшным напамінам аб тым, як далёка беларускія ўлады гатовы пайсці, каб задушыць іншадумства».
PEN International выказаў салідарнасць з журналістам і ўсімі, хто несправядліва зняволены. «Ніхто не павінен быць пакараны за тое, што гаворыць праўду», — падкрэсліў прадстаўнік арганізацыі.
«Гісторыя Пачобута сімвалізуе той від рэпрэсій, з якімі сутыкаюцца пісьменнікі і журналісты, якія адстойваюць правы прыгнечаных меншасцяў. PEN International заклікае да яго неадкладнага вызвалення, а таксама забеспячэння яго неабходнай медыцынскай дапамогай, пакуль ён застаецца за кратамі», — гаворыцца ў паведамленні.
16 студзеня падчас наведвання Мінскага гарадскога тэхнапарку Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Варшава «адмовілася ад Пачобута», «адмовіліся весці нават размовы па Пачобуту». Ён сцвярджаў, што журналіст «не хоча туды ехаць — вось і ўсё пытанне».
Пасля вынясення палітычна матываванага прыгавору Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (Бераставіца). Паводле неафіцыйнай інфармацыі, журналіст адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда 24 жніўня 2023 года заявіў, што Варшава працягвае працу па вызваленні Пачобута.
Паводле pozirk.online/вх