Беларуская Служба

Муж Мельнікавай пацвердзіў, што ён з дачкамі знаходзіцца ў Беларусі 

07.04.2025 13:39
 Анжаліка Мельнікава пакінула тэрыторыю Еўрасаюза 26 лютага, а яе былы муж з'ехаў з Польшчы ў Беларусь 3 сакавіка.
Фота са старонкі Анжалікі Мельнікавай у фэйсбуку .

На мінулым тыдні з'явілася інфармацыя, што былога мужа Анжалікі Мельнікавай у кампаніі дзвюх дачок бачылі ў Беларусі. 

Выданню «Люстэрка» ўдалося крыху пагаварыць з мужчынам — у першую чаргу пра тое, ці вядома яму, дзе цяпер Анжаліка. Журналісты дазваніліся да экс-мужа Анжалікі Мельнікавай Андрэя раніцай 7 красавіка:

— Навошта вы мяне турбуеце, я не разумею? — спытаў мужчына.

— Вы ведаеце, дзе Анжаліка?

— Не, вядома. Мы ж разведзены. Чаму вы, дарэчы, мне ўсе тэлефануеце, калег з працы пастаянна дастаеце?

— Дзеці з вамі?

— Так, са мной (у Анжалікі і Андрэя дзве дачкі, 7 і 13 гадоў).

— І вы ў Беларусі?

— Так.

— Даўно?

— Вы што, з паліцыі?

— Не, але знік чалавек.

— Так, знік. Чакаем, калі з’явіцца.

— Калі вы апошні раз размаўлялі з Анжалікай?

— Даўно ўжо. Натуральна, таксама хвалююся, куды яна знікла.

— У вас ёсць здагадкі, дзе яна можа быць?

— Увогуле няма. Без паняцця. Я б папрасіў вас больш не тэлефанаваць, не люблю размоў з прэсай. Да пабачэння.

Паводле звестак «Белпол», Андрэй Мельнікаў — праграміст, доўгі час працаваў у ЕРАМ, а апошняе яго месца працы — старшы інжынер у ТАА «Годэл Тэкналоджыс Юроп». Выданне Deutsche Welle паведамляла, што з 2021 года ён працаваў у варшаўскім офісе кампаніі.

Пра знікненне спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай яе калегі паведамілі ўвечары 28 сакавіка. У заяве Паўла Латушкі гаварылася, што сувязь адсутнічае з 25 сакавіка, аднак гаворка ідзе пра анлайн-камунікацыю. Насамрэч Мельнікаву ўжывую не бачылі ўжо даўно.

Пазней стала вядома, што Анжаліка Мельнікава пакінула тэрыторыю Еўрасаюза 26 лютага, а яе былы муж з'ехаў з Польшчы ў Беларусь 3 сакавіка.

эж