У першым паўгоддзі гданьскі нафтапорт прыняў 30% нафты больш, чым у гэтым жа самым перыядзе ў 2018 годзе – у суме 8,3 мільёны тон. Старшыня кампаніі PERN, да якой належыць гданьская фірма, Ігар Васілеўскі падкрэсліў, што падчас спынення паставак па трубаправодзе «Дружба» нафтапорт пацвердзіў сваё стратэгічнае значэнне.
Перапынак доўжыўся 46 дзён – з 24 красавіка да 9 чэрвеня. У гэтым часе нафтапорт прыняў удвая больш нафты з мора, чым звычайна. «Я думаю, што мы прайшлі гэты тэст, паколькі кліенты на запраўках не адчувалі недахопу ні бензіну, ні дызельнага паліва, усе элементы здалі экзамен», – зазначыў Васілеўскі.
Ігар Васілеўскі падкрэсліў, што апошні крызіс паказаў правільны напрамак планаў кампаніі па пабудове бакаў, як і другой ніткі нафтаправоду, які спалучае Гданьск з Плоцкам.
«Думаю, цяпер у нікога не будзе сумневаў, што другая нітка патрэбная. Інфраструктура з'яўляецца ключавым элементам для таго, каб дыверсіфікацыя развівалася і праходзіла правільна», – дадаў.
ав