Беларуская Служба

У пятніцу будзе падпісаны кантракт на будаўніцтва каналу праз Балтыйскую касу

02.10.2019 11:07
Міністр марской эканомікі і рачнога флоту: Расія будзе выкарыстоўваць кожную нагоду, каб спыніць гэтую інвестыцыю.
Marek Gróbarczyk
Marek GróbarczykFoto: PR24

Хутчэй за ўсё, у бліжэйшую пятніцу будзе падпісаны кантракт з падрадчыкам і пачнецца будаўніцтва каналу праз Балтыйскую касу. Пра гэта паведаміў міністр марской эканомікі і рачнога флоту Марэк Грубарчык (Marek Gróbarczyk).

Дзякуючы гэтаму, паводле міністра, рэалізацыя перакопу касы ўвойдзе ў наступны, надзвычай важны этап.

„Будзе падпісаны кантракт з падрадчыкам і пачнуцца работы на Балтыйскай касе. Перыяд падрыхтоўкі займае найбольш часу ў выпадку гэткіх інвестыцый. Гэты праект звязаны з вельмі высокай палітычнай рызыкай. З іншага боку, ён пад наглядам Еўракамісіі, не кажучы ўжо пра расійскі бок, які сачыць за тым, што мы робім. Расія будзе выкарыстоўваць кожную нагоду, каб спыніць гэтую інвестыцыю”, - сказаў міністр.

Ён нагадаў, што ўрадавы бок мусіў „прайсці вельмі дэталёвы працэс падрыхтоўкі інвестыцый, пачынаючы са справаздачаў і атрымання дазволу на будаўніцтва”.

Канал будзе мець 1300 метраў даўжыні, 5 метраў глыбіні. Дзякуючы гэтай інвестыцыі з Балтыйскага мора ў Эльблёнг змогуць заходзіць судны даўжынёю да 100 метраў, шырынёю ў 20 метраў і глыбінёй 4 метры.

У цяперашні час шлях з Эльблёнга на адкрытае Балтыйскае мора вядзе толькі праз тэрытарыяльныя воды Расіі. Польскае судна кожны раз мусіць атрымаць ад Расіі дазвол.

Канал павінен быць гатовы ў 2022 годзе.

аз