Прэс-сакратар прэзідэнта Блажэй Спыхальскі паведаміў, што прэзідэнт Дуда хоча, каб рэпрэсіямі супраць польскай меншасці ў Беларусі занялося АБСЕ:
-Сітуацыя, якая разгортваецца вакол палякаў у Беларусі, непрымальная. Прэзідэнт Дуда размаўляў з генсекам АБСЕ Хельгай Шмід і заклікаў яе, каб гэта пытанне было ўключана ў парадак дня арганізацыі. Прэзідэнт прадставіў становішча польскай меншасці ў Беларусі.
Прэзідэнт Анджэй Дуда знаходзіцца ў пастаянным кантакце з урадам з нагоды становішча палякаў у Беларусі.
Сёння раніцай беларуская міліцыя затрымала актывіста Саюзу палякаў і польскага журналіста Анджэя Пачобута. Міліцыянты правялі ператрус і канфіскавалі банкаўскія карты, тэлефоны і кампутары, якія належалі як Пачобуту, так і ягонай жонцы Аксане, так і іх дзецям.
Ператрусы таксама былі праведзеныя ў некалькіх штабах Саюзу палякаў у Беларусі. Пасля ператрусу і штабоў польскіх грамадскіх школ у Лідзе і Ваўкавыску мясцовыя лідары Саюзу палякаў Ірэна Бірнацкая і Марыя Цішкоўская былі дастаўленыя на допыты ў Мінск.
Учора кіраўнік Саюзу палякаў Беларусі Анжэліка Барысава была асуджана на 15 сутак зняволення ў сувязі з арганізацыяй свята рамеснікаў «Казюкі». Сёння беларуская пракуратура прад'явіла ёй абвінавачванні ў распальванні нянавісці на рэлігійнай і нацыянальнай глебе.
Раней пад варту трапілі двое польскіх актывістаў у Брэсце праз арганізацыю ў мясцовай польскай грамадскай школе святкавання Дня выклятых жаўнераў.
iar/эж