Прадстаўнікі аб'яднання «Падкарпацкая ашуканая вёска» блакуюць праезд грузавікоў да тэрмінала рэгістрацыі. Яны заяўляюць, што будуць прапускаць па дзве фуры кожную гадзіну.
У пратэсце ў Мэдыцы ўдзельнічаюць некалькі дзясяткаў фермераў. З 9.00 яны перакрываюць праезд на пераход, будуць там да 20.00 і так штодня да нядзелі. Яны прапускаюць аўтобусы, мікрааўтобусы і легкавыя аўтамабілі. Заяўляюць, што ў выпадку невыканання іх патрабаванняў пратэст з панядзелка ўзмоцніцца і будзе праходзіць кругласутачна.
Фермеры патрабуюць, сярод іншага, субсідыі на цэны на кукурузу і працяг т.зв. «пазыкі ліквіднасці» ў сувязі з паступленнем збожжа з Украіны і захаваннем ставак сельскагаспадарчага падатку на цяперашнім узроўні. Пратэстоўцаў падтрымліваюць прадстаўнікі транспартнай галіны, якія ўжо некалькі дзён блакуюць польска-ўкраінскі памежны пераход у Корчаве.
На акцыі пратэсту ў Мэдыцы зʼявіліся таксама дэпутаты «Канфедэрацыі», у тым ліку віцэ-спікер Сейму Кшыштаф Босак.
Як паведамляе сайт borderagov.pl, на пераходзе Мэдыка кіроўцы грузавікоў павінны чакаць 127 гадзін, каб перасекчы мяжу. Чарга грузавікоў складае 34 кіламетры. Больш за тысячу грузавікоў чакаюць афармлення перад пераходам у Корчаве. Пратэст перавозчыкаў праходзіць таксама на памежных пераходах у Грэбенным і Дарагуску Люблінскага ваяводства.
Пратэстоўцы патрабуюць забараніць рэгістрацыю ў Польшчы транспартных кампаній з замежным капіталам і вырашыць праблемы з украінскай сістэмай электроннай чаргі.
ав