Вярхоўны суд пацвердзіў сапраўднасць парламенцкіх выбараў, якія адбыліся ў Польшчы 15 кастрычніка 2023 года. Правамоцнасць галасавання зацвердзіў увесь склад Палаты надзвычайнага кантролю і грамадскіх спраў Вярхоўнага суда, грунтуючыся на справаздачы Нацыянальнай Выбарчай Камісіі аб выбарах і заключэннях па асобных пратэстах. Рэзалюцыя была прынята аднагалосна.
Падчас паседжання старшыня Нацыянальнай выбарчай камісіі Сільвестар Марціняк(Sylwester Marciniak) адзначыў, што з больш чым 1 100 пратэстаў толькі паўтара дзясятка былі прызнаныя абгрунтаванымі:
- Беручы пад увагу высокую яўку – каля 22 мільёны ўдзельнікаў галасавання – колькасць выбарчых пратэстаў склала сотыя долі праміле ўдзельнікаў.
Вярхоўны суд павінен вынесці пастанову аб прызнанні выбараў сапраўднымі не пазней чым праз 90 дзён з дня галасавання. 7 снежня мінулага года Вярхоўны суд прызнаў сапраўдным рэферэндум 15 кастрычніка.
IAR/аз