Паводле варшаўскай мэрыі дэманстрацыя налічвала 35 тысяч удзельнікаў, паводле арганізатараў – 300 тысяч. Газета Rzeczpospolita піша, што на мітынгу перад Сеймам ПіС абвясціла аб сваёй барацьбе за вяртанне ўлады. Пасля «Пратэсту вольных палякаў» партыя Яраслава Качыньскага анансуе далейшыя дэманстрацыі. «Фінальная бітва» адбудзецца ля ўрнаў. У 2024 годзе палякаў чакаюць мясцовыя і еўрапейскія выбары, а ў 2025 годзе – прэзідэнцкія, піша Rzeczpospolita.
Амаль роўна за гадзіну да пачатку дэманстрацыі прэзідэнт Анджэй Дуда – абвясціў, што распачата працэдура памілавання двух дэпутатаў ПіС, якія трапілі за краты пры новых уладах краіны. Rzeczpospolita адзначае, што для партыі Яраслава Качыньскага іх справа стала элементам мабілізацыі выбаршчыкаў на барацьбу за вяртанне ўлады, хаця пратэст меў праходзіць пад дэвізам свабоды для медыя.
Газета Dziennik.pl піша, што лідэр партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі заклікаў да змены ўлады.
– Гэтую ўладу трэба мяняць галасаваннем. Змяніце іх, каб яны не маглі вярнуцца. Таму што гэта не польская ўлада, гэта нямецкая ўлада – казаў Качыньскі да сабраных пад Сеймам прыхільнікаў.
Ён сцвярджаў, што цяперашні ўрад Польшчы рэалізуе два планы: першы – знішчыць Польшчу, да чаго імкнецца Еўрасаюз, другі – абрабаваць Польшчу і палякаў шляхам увядзення еўра. Качыньскі паўтарыў, што ЕС стараецца звесці Польшчу да статусу «краіны, населенай палякамі».
Паводле часопіса Polityka, урад Дональда Туска не павінен ігнараваць гэтую дэманстрацыю. «ПіС паказала, што можа за кароткі час сабраць у Варшаву дзясяткі тысяч людзей, і гэта было зроблена на самым пачатку кіравання новай палітычнай сілы».
Часопіс падкрэслівае, што калі такі вялікі пратэст адбыўся ў будні дзень, і што ПіС не мае шмат прыхільнікаў у Варшаве, то гэта, несумненна, быў арганізацыйны поспех партыі Яраслава Качыньскага, якая кіравала краінай апошнія 8 гадоў.
яс