Намеснікі генеральнага пракурора накіравалі старшыні Еўракамісіі і еўрадэпутатам ліст з просьбай прыняць меры ў сувязі з яго дзеяннямі. На іх думку, ЕС павінен прадухіліць парушэнне польскага заканадаўства. Скарга – гэта рэакцыя на дзеянні новага генпракурора Адама Боднара, які вырашыў, між іншым, звольніць свайго намесніка Дарыюша Барскага з пасады нацыянальнага пракурора.
У сваім лісце падпісанты адзначаюць, што ў апошнія гады прадстаўнікі Еўракамісіі неаднаразова звярталі ўвагу на пытанні, звязаныя з захаваннем вяршэнства права ў Польшчы, у той час як зараз, камісія маўчыць, калі вяршэнства права ў краіне дэманстратыўна парушаецца.
На мінулым тыдні міністр юстыцыі, генпракурор Адам Боднар абвясціў, што Дарыюш Барскі быў адноўлены яго папярэднікам (Збігневам Зёбрам) на службе з парушэннем правілаў. Таму Боднар зняў яго з пасады і даручыў часовае выкoнванне згаданых абавязкаў пракурору Яцэку Білевічу.
Нагадваем, сёння з пракурорам Дарыюшам Барскім і намеснікамі генеральнага пракурора сустрэўся прэзідэнт Анджэй Дуда.
Пасля згаданай сустрэчы, прадстаўнікі Канцылярыі прэзідэнта заявілі, што паводле кіраўніка дзяржавы, «у адпаведнасці з дзеючым правам нацыянальным пракурорам надалей з'яўляецца Дарыюш Барскі».
Між іншым, па справе зменаў у Генпракуратуры прэзідэнт Анджэй Дуда сёння размаўляў таксама з прэм’ерам Дональдам Тускам. У сваім выступе пасля заканчэння сустрэчы Анджэй Дуда заявіў, што ніхто не кансультаваўся з ім наконт зменаў у Нацыянальнай пракуратуры.
IAR/аз