Беларуская Служба

У 2023 годзе кватэры ў Польшчы падаражэлі і стала іх менш на рынку

16.01.2024 14:40
Сітуацыю на рынку жылля ў Польшчы ацаніў сайт Otodom.pl.
Ілюстрацыйны здымакShutterstock/ Evgeny_V

У 2023 годзе цэны на кватэры на першасным рынку ў 7 найбуйнейшых польскіх гарадах выраслі ў параўнанні з 2022 годам на 8-25 працэнтаў – гаворыцца ў справаздачы сайта Otodom.pl. Яшчэ большы рост зафіксаваны на другасным рынку, дзе ён склаў 14-27 працэнтаў. У Варшаве адзін квадратны метр кватэры ў снежні каштаваў у сярэднім 16815 злотых (у эквіваленце гэта $4200).

У справаздачы ўлічаны Варшава, Уроцлаў, Кракаў, Труймясто (Гдыня-Гданьск-Сопат), Познань, Лодзь і Катавіцэ. Усяго на гэтых рынках было прададзена больш за 54 тысячы кватэр.

«У 2023 годзе распрацоўшчыкі вывелі на гэтыя рынкі амаль 44 тысячы кватэр, што на 4 працэнты менш, чым годам раней», – сказала Катажына Куневіч з сайта otodom.pl.

Найбольш кватэр на продаж выстаўлена на рынак у Варшаве.

Паводле дадзеных Otodom.pl, у 2023 годзе ў параўнанні з папярэднім годам, кватэры прадаваліся больш хутка – не 91 дзень а 68 дзён.

яс