Беларуская Служба

Кіраўнік Мінабароны Польшчы агучыў праект закона аб грамадзянскай абароне

20.01.2024 15:16
Падчас сустрэчы ў Любліне міністр нацыянальнай абароны Польшчы таксама казаў пра пашырэнне і ўзмацненне арміі.
-,      -
Віцэ-прэм'ер, міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш Фота: twitter.com / @MON_GOV_PL

Кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы, віцэ-прэм'ер Уладзіслаў Касіняк-Камыш (Władysław Kosiniak-Kamysz) агучыў праект закона аб грамадзянскай абароне.

Палітык заявіў, што адсутнасць закону аб грамадзянскай абароне зʼяўляецца нядбайнасцю папярэдняга ўрада, таму што ранейшыя пастановы па гэтым пытанні былі адменены, калі ўступіў у сілу Закон аб абароне Айчыны. Ён паведаміў, што Міністэрства нацыянальнай абароны сумесна з Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі, з урадам падрыхтуе такі акт. «Патрэбна хутка. Патрэбна інфармаванасць. Трэба, каб кожны з нас умеў аказаць першую дапамогу. Мы робім высновы з таго, што адбываецца ва Украіне», – сказаў ён.

Кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны запэўніў, што будзе ўмацоўваць Войска Польскае:

– Прынялі мы план набору жадаючых, хто заяўляе пра добраахвотную службу ці ў тэрытарыяльнай абароне, ці ў войску. Мы актыўна працуем над рэзервам. Будзем павялічваць колькасць, але таксама аператыўныя магчымасці арміі. Важныя не толькі лікавыя значэнні, але і аператыўныя магчымасці, і я буду рабіць на гэта значна большы акцэнт. Пасля першых элементаў аўдыту я бачу, што трэба засяродзіцца на падрыхтоўцы і індывідуальнай экіпіроўцы салдат.

Віцэ-прэмʼер таксама паведаміў, што будуць працягнутыя кантракты на закупку ўзбраенняў, падпісаных папярэднім урадам.

Уладзіслаў Касіняк-Камыш, аднак, падкрэсліў, што гэтыя кантракты будуць правярацца, як і заявы ягонага папярэдніка аб стварэнні новых вайсковых частак. Па словах кіраўніка Мінабароны, заявы аб стварэнні новых падраздзяленняў былі звязаныя з выбарчай кампаніяй і стратэгіяй, прынятай урадам Абʼяднаных правых. «Я выступаю за развіццё ўсіх запланаваных частак, але баюся – і гэта кажуць салдаты, найважнейшыя камандзіры – што некаторыя з гэтых частак былі толькі ўказальнікамі месца на мапе. Месцамі яшчэ нічога не зроблена», – дадаў кіраўнік Мінабароны.

Уладзіслаў Касіняк-Камыш прыняў удзел у навагодняй сустрэчы Польскай народнай партыі на Любліншчыне.

IAR/вх