Беларуская Служба

Прэм’ер Туск ляціць у Парыж і Берлін. Вядома, пра што ён будзе размаўляць з Макронам і Шольцам

12.02.2024 07:35
Сёння прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск пачынае чарговую афіцыйную замежную паездку, гэтым разам у Парыж і Берлін.
Аўдыё

Запланаваныя тэмы перамоваў: абароннае супрацоўніцтва і далейшая падтрымка Украіны, а таксама адраджэнне Веймарскага трохкутніка, гэта значыць фармату супрацоўніцтва паміж Польшчай, Германіяй і Францыяй.

Прэм'ер-міністр Туск заявіў у нядзелю, што Еўропа павінна стварыць агульную палітыку абароны. «Нам трэба абудзіць еўрапейскіх палітыкаў і грамадства да агульнай, інтэнсіўнай абароннай палітыкі, якая разумеецца як сумесныя інвестыцыі, – сказаў кіраўнік урада. – Еўрапейскія грошы таксама павінны ісці на абарону».

Кіраўнік польскага ўраду дадаў, што ЕС «не можа быць эканамічным і цывілізацыйным гігантам і карлікам, калі размова ідзе пра пытанні абароны, бо свет змяніўся».

Чакаецца, што падчас візіту ў Берлін і Парыж прэм’ер-міністар Дональд Туск таксама пагаворыць пра сельскагаспадарчую палітыку і пратэсты фермераў, якія цяпер адбываюцца Еўропе.

Сустрэча кіраўнікоў МЗС

Паралельна з перамовамі прэмʼера Туска ў Парыжы пройдзе сустрэча міністраў замежных справаў Польшчы, Нямеччыны і Францыі. Кіраўнік польскай дыпламатыі Радаслаў Сікорскі ў студзені ўжо наведваў Берлін, дзе размаўляў са сваёй калегай Анналенай Бербок.

Дыпламаты абмеркавалі, між іншым, бяспеку ў рэгіёне, еўрапейскую палітыку і польска-нямецкую гісторыю. Радаслаў Сікорскі сказаў, што гэта крок да аднаўлення ўзаемаадносінаў. «Мы клапоцімся пра канструктыўнае супрацоўніцтва, як члены адной еўрапейскай сямʼі і саюзнікі ў Паўночнаатлантычным альянсе», – сказаў міністр.

Парыж і Берлін зʼяўляюцца аднымі з першых сталіц, якія кіраўнік польскага ўраду наведае пасля ўступлення на пасаду. Апошнімі тыднямі ён удзельнічаў у пасяджэнні Еўрапейскай рады ў Бруселі, а ў студзені ездзіў у Кіеў, дзе сустракаўся ў тым ліку з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.


IAR/вх