Беларуская Служба

У Польшчы пачаліся экзамены на атэстат сталасці

07.05.2024 11:34
Першы экзамен - абавязковы пісьмовы іспыт па польскай мове: да яго прыступілі больш за 263 тыс. выпускнікоў.
        (- ), 7  2024
Экзамен у адной з сярэдніх школ гораду Паліцы (паўночна-заходняя Польшча), 7 мая 2024 года PAP/Marcin Bielecki

Сёння ў Польшчы пачаліся экзамены на атэстат сталасці. Першы экзамен - абавязковы пісьмовы іспыт па польскай мове: да яго прыступілі больш за 263 тыс. выпускнікоў польскіх сярэдніх агульнаадукацыйных школ, сярэдніх тэхнічных школ і ліцэяў.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда з жонкай Агатай Корнхаўзэр-Дудай пажадалі выпускнікам поспеху на экзаменах.

«Мы жадаем усім выпускнікам сярэдніх школ самых лепшых момантаў і выдатных вынікаў на экзаменах на атэстат сталасці. Бацькам выпускнікоў мы жадаем душэўнай стойкасці і спакою. Удачы! Мы з Агатай трымаем за вас кулачкі! У вас усё атрымаецца!», - напісаў прэзідэнт.

Акрамя польскай мовы (вусны і пісьмовы экзамены), выпускнікі здаюць абавязковы пісьмовы экзамен па матэматыцы, а таксама вусны і пісьмовы па замежнай мове.

Чацвёрты і пяты прадметы выпускнік выбірае сам з больш чым 25 пазіцый. Сярод іх – хімія, біялогія, гісторыя, геаграфія, дадатковыя замежныя мовы, мовы нацыянальных меншасцей, а таксама філасофія, гісторыя мастацтва, гісторыя музыкі, грамадазнаўства і г.д.

Вынікі экзаменаў на атэстат сталасці стануць вядомыя 9 ліпеня.

вс