Беларуская Служба

Польшча падпіша дамову аб бяспецы з Украінай яшчэ перад самітам НАТА

28.06.2024 15:12
Дональд Туск пра дапамогу Украіне: «Мы не зробім нічога, што можа аслабіць нашу бяспеку»
-     .
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск у Бруселі.Фота: PAP/Rafał Guz

Польшча намерана падпісаць пагадненне аб бяспецы з Украінай перад самітам НАТА, які праз некалькі дзён пройдзе ў Вашынгтоне. Пра гэта прэм'ер-міністр Дональд Туск паведаміў у Бруселі, дзе ноччу завяршыўся саміт ЕС. Плануецца, што на падпісанне пагаднення ў Варшаву прыедзе прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. Па словах кіраўніка польскага ўраду, дамова практычна гатовая. Дональд Туск падкрэсліў, што абавязацельствы перад Украінай не могуць негатыўна ўплываць на бяспеку Польшчы.

- Я хачу абмеркаваць з міністрам нацыянальнай абароны, як мы можам далей дапамагаць Украіне, каб ні ў якім разе не аслабляць абаронных магчымасцяў Польшчы. Зразумела, гэта не заўсёды аблягчае мае перамовы з прэзідэнтам Зяленскім, але я сказаў прама: мы будзем дапамагаць, бо ваша бяспека – гэта наша бяспека, але мы не зробім нічога, што можа аслабіць нашу бяспеку. Гаворка ідзе пра знішчальнікі, пра ўзбраенне, якое патрэбнае таксама Польшчы, як і Украіне. Я буду трымацца нашай лініі.

Прэзідэнт Украіны ўжо падпісаў двухбаковыя дамовы аб гарантыях бяспекі з амаль 20-цю краінамі Захаду. Учора падчас кароткага візіту ў Брусель ён падпісаў пагадненне з ЕС. Супольнасць узяла на сябе абавязак падтрымліваць Украіну столькі, колькі неабходна, забяспечваць ваеннай тэхнікай, аказваць фінансавую дапамогу, умацоўваць эканамічнае і гандлёвае супрацоўніцтва і садзейнічаць развіццю абароннай прамысловасці.

Дональд Туск паведаміў на платформе X, што ЕС зразумеў тое, што даўно разумеюць палякі: абарона Украіны - гэта абарона Еўропы. Ён дамовіўся на гутарку з прэзідэнтам Зяленскім. 

 

IAR/нг