Тэатральныя творцы з Украіны і Беларусі, якія прыехалі ў Польшчу, уцякаючы ад вайны ці рэжыму, пакажуць свае сцэнічныя праекты, рэалізаваныя ў рамках Праграмы артыстычных рэзідэнцый Тэатральнага інстытуту ў Варшаве.
-Заўтра мы будзем граць спектакль «3@.мова» беларускай групы рэзідэнтаў By Teatr. У сераду можна будзе паглядзець «Мяне прыцягвае да цябе мята», гэта ўкраінскі праект. У чацвер граем «Да дому наўпрост 10 гадзін язды». Гэта спектакль, зроблены беларусамі, якія жывуць у Гданьску. 19 верасня запрашаем на «Афелію», працу з Познані. Кожны спектакль мае польскамоўныя субцітры, - кажа каардынатарка праекту Оля Аніська.
Праект «EASTERN STAGE» рэалізуецца ў рамках Праграмы артыстычных рэзідэнцый для тэатральных творцаў з Беларусі і Украіны, распавядае Лена Тваркоўска з Тэатральнага інстытута імя Збігнева Рашэўскага:
-Праграма пачалася ў 2021 годзе. Пачаткова яна была адрасаваная творцам з Беларусі, паколькі гэта быў час палітычнага крызісу, творцы пачалі з'язджаць. Праз год далучыліся артысты з Украіны. І на працягу двух гадоў мы аб'ядноўвалі праграму. Сёлета ў нас толькі Украіна. У наступным, спадзяюся, мы зноў вернемся да спалучанай формы.
Праект «Усходняя сцэна» — гэта ўнікальная магчымасць пачуць новыя тэатральныя галасы з Беларусі і Украіны, якія распавядаюць пра праблемы і вопыт, з якімі яны сутыкаюцца ва ўмовах рэпрэсій, вайны і неабходнасці пачынаць жыццё на новым месцы.
Большасць прадстаўленых пастановак ужо вядомыя польскаму гледачу. Іх прэм’еры адбыліся на сцэнах польскіх тэатраў і з’яўляюцца прыкладам паспяховага мастацкага супрацоўніцтва польскіх, украінскіх і беларускіх артыстаў, а таксама адкрытасці польскіх сцэн для мастацкіх моў усходніх суседзяў.
Прадстаўленыя спектаклі ўключалі п’есы, заснаваныя на архаічных песнях і абрадах, а таксама на сучаснай музыцы, пераасэнсаванні сусветнай класікі, яе гісторыі і інтымныя жаночыя драмы, гісторыі пра пошукі новага «дома».
ав