Беларуская Служба

80 гадоў таму адбылася капітуляцыя Варшаўскага паўстання 

02.10.2024 13:32
У выніку жорсткага падаўлення паўстання нацыстамі ды іх памагатымі загінула ад 150 да 180 тысяч варшавякаў, у тым ліку 15-18 тыс. падпольшчыкаў.
80
80 гадоў таму адбылася капітуляцыя Варшаўскага паўстання Фота: Nowaczyk/Shutterstock

2 кастрычніка мінае 80 гадоў з дня капітуляцыя Варшаўскага паўстання. 80 гадоў таму камандзіры паўстання на чале з генералам Арміі Краёвай Тадэвушам Камароўскім, вядомым таксама пад пазыўным "Бур", падпісалі акт капітуляцыі. 

Без дапамогі саюзнікаў і з улікам злачыннай бяздзейнасці Савецкай Арміі, якая стаяла на іншым беразе Віслы, а таксама з прычыны недахопу зброі, боепрыпасаў і харчавання, Варшава была вымушана капітуляваць пасля 63 дзён зацятых баёў. Варшаўскае паўстанне пачалося 1 жніўня 1944 года.

Навуковая супрацоўніка  Музея Варшаўскага паўстання Катажына Утрацкая падкрэслівае, што камандаванне паўстання разлічвала на прыход савецкіх войск у Варшаву для дапамогі ў разгроме нямецкіх войск, але Масква дапамагаць палякам не збіралася:

«Згодна з планам, паўстанне павінна было працягвацца 2-3 дні, але яно зацягнулася на 63 дні. За гэты час паўстанцы чакалі дапамогі звонку, але яна так і не паступіла. Саюзнікі скідалі грузы з боепрыпасамі, але гэтага аказалася недастаткова. Недахоп зброі, боепрыпасаў і харчавання, а таксама вялікая колькасць ахвяр прывялі да рашэння спыніць барацьбу».

У выніку жорсткага падаўлення паўстання нацыстамі ды іх памагатымі загінула ад 150 да 180 тысяч варшавякаў, у тым ліку 15-18 тыс. падпольшчыкаў. Паводле падлікаў гісторыкаў, падчас і пасля паўстання было разбурана каля 80% левабярэжнай Варшавы.

iar/эж