У Польшчы плануюць узмацніць адказнасць за парушэнні правіл дарожнага руху пасля некалькіх трагічных здарэнняў. Два з іх адбыліся ў Варшаве. У адным з іх кіроўца легкавога аўтамабіля насмерць збіў на пешаходным пераходзе жанчыну, а пасля ўехаў у групу людзей, якія стаялі на прыпынку. Два чалавекі загінулі.
Другое здарэнне адбылося на трасе інтэнсіўнага руху таксама ў польскай сталіцы. Аўтамабіль на вялікай хуткасці ўрэзаўся ў заднюю частку машыны, на якой дадому вярталася сям'я. У выніку ДТЗ загінуў адзін чалавек. Абодва здарэнні адбыліся з-за неасцярожнага кіравання і перавышэння хуткасці.
Апошні трагічны выпадак здарыўся ў Слупску (паўночная Польшча) гэтай ноччу - кіроўца BMW урэзаўся ў групу шасці пешаходаў. У выніку ДТЗ адзін чалавек загінуў, пяць атрымалі раненні. Вадзіцель быў пад уплывам алкаголю - амаль 2 праміле.
Неўзабаве польскі ўрад прадставіць праект пастановы, якая ўзмацняе штрафы за парушэнне ПДР, паведаміў міністар інфраструктуры Дар'юш Клімчак. Папраўкі ў розныя законы былі распрацаваныя ў Міністэрствах інфраструктуры, юстыцыі, унутраных спраў і адміністрацыі. У прыватнасці, плануецца ўзмаціць адказнасць за кіраванне аўтамабілем пад уплывам алкаголю і псіхаактыўных субстанцый, а таксама за перавышэнне хуткасці, нелегальныя гонкі на вуліцах гарадоў і за кіраванне аўтамабілем пасля пазбаўлення правоў.
У гэтыя дні па ўсёй Польшчы дарожная паліцыя праводзіць узмоцненыя праверкі кіроўцаў. Гэта звязана з Днём памінання памерлых, падчас якога палякі наведваюць магілы сваіх блізкіх. Рэйды паліцыі адбываюцца з чацвярга да нядзелі. На гэты момант ва ўсёй краіне затрымана больш за 700 кіроўцаў у стане алкагольнага ап'янення.
вс