Польскі знішчальнік, амерыканскай вытворчасці F-35A Husarz выканаў свой першы палёт. Генеральнае камандавання відаў Узброеных Сілаў Польшчы паведаміла, што машына паспяхова выканала першы выпрабавальны палёт з фабрыкі Lockheed Martin на базе NAS Joint Reserve Base Fort Worth у Тэхасе. Палёт працягваўся больш за гадзіну.
Пасля афіцыяльнай перадачы першых самалётаў польскім ВПС, баявыя машыны спачатку будуць стацыянавацца на базе Ebbing Air National Guard у штаце Арканзас. Там будуць навучацца польскія пілоты.
Першыя F-35A павінны прыбыць у Польшчу ў 2026 годзе, а астатняя частка замоўленых Варшавай знішчальнікаў будзе пастаўлена на ўзбраенне Войска Польскага да 2030 года.
Згодна з падпісанай дамовай, Польшча атрымае 32 знішчальнікі з навучальным пакетам і запаснымі рухавікамі на агульную суму 4,6 млрд долараў.
Самалёты, якія атрымае Польшча, гэта варыянт F-35A з большым радыусам дзеяння і большай за стандартную грузападымальнасцю ўзбраення. Польскія Husarz таксама будуць мець апошняе тэхналагічнае праграмнае абнаўленне, якое дазволіць рабіць далейшую мадэрнізацыю самалётаў у будучыні.
iar/эж