Беларуская Служба

Пад Варшавай пройдзе сустрэча міністраў абароны буйнейшых краін-донараў Украіны

13.01.2025 11:06
Краіны, запрошаныя на сустрэчу, разам з Польшчай ствараюць групу Е5 - дзяржаў, які найбольш заангажаваныя ў вайсковую дапамогу Украіне. 
Сцягі Украіны і НАТА Fly Of Swallow Studio/Shutterstock

Міністры абароны Польшчы, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і Германіі правядуць сёння сустрэчу, на якой абмяркуюць актуальную сітуацыю ў галіне бяспекі, праблемы ўсходняга флангу НАТА і далейшую дапамогу Украіне. Сустрэча пройдзе ў рэзідэнцыі Міністэрства абароны Польшчы ў вёсцы Хэленаў каля Варшавы па запрашэнню віцэ-прэм'ера і кіраўніка Мінабароны Польшчы Уладзіслава Касіняка-Камыша. Таксама ў нарадзе па спадарожнікавай сувязі возьме ўдзел прадстаўнік Міністэрства абароны Украіны. 

Краіны, запрошаныя на сустрэчу, разам з Польшчай ствараюць групу Е5 - дзяржаў, які найбольш заангажаваныя ў вайсковую дапамогу Украіне. 

Перад сустрэчай запланаваныя двухбаковыя перамовы міністраў абароны Польшчы і Францыі. 

Кіраўнік Мінабароны Польшчы запрасіў замежных партнёраў у Хэленаў у мінулы чацвер падчас сустрэчы кантактнай групы па Украіне. Сустрэча некалькіх дзясяткаў краін-донараў прайшла ў нямецкім Рамштайне пад старшынствам ініцыятара стварэння гэтай групы, міністра абароны ЗША Лойда Осціна, які завяршае свой тэрмін паўнамоцтваў. 

Папярэдняя сустрэча міністраў абароны групы Е5 адбылася ў Берліне ў лістападзе мінулага года. Тады абмяркоўваліся пытанні не толькі падтрымкі Украіны, але і развіцця патэнцыялу абароннай прамысловасці краін Е5. Адной з асноўных тэм леташняй нарады таксама стала пытанне павелічэння фінансавых выдаткаў на абарону.

вс