Летась варшаўскім Аэрапортам імя Ф. Шапэна скарысталася рэкордная колькасць падарожнікаў - амаль 21,3 мільёна. Летась у снежні пасажырапаток вырас на 17% у параўнанні са снежнем 2023 г.
У аэрапорце адзначылі, што лепшым месяцам па колькасці зарэгістраваных пасажыраў стаў жнівень мінулага года — 2,1 млн чалавек, найгоршым — студзень — 1,3 млн.
Пабіты рэкорд і ў танажы правераных грузаў праз варшаўскі аэрапорт — 117 тыс. тон, рост склаў 13%.
Пяцёрка самых папулярных рэгулярных напрамкаў з Аэрапорта імя Шапэна была наступнай: Лондан, Парыж, Амстэрдам, Франкфурт і Брусель. Анталія дамінавала ў чартарных рэйсах, за ёй ідуць Марса-Алам, Хургада, Шарм-эль-Шэйх і Родас.
Часцей за ўсё на варшаўскім аэрапорце падарожнікі карысталіся паслугамі Польскіх нацыянальных авіяліній LOT, Wizz Air, Enter Air, Lufthansa і Ryanair.
pap/эж