Беларуская Служба

Дональд Туск падзякаваў у Варшаве Уладзіміру Зяленскаму за магчымасць пачаць эксгумацыю ахвяр Валынскай разні

15.01.2025 15:38
«Гаворка ідзе пра далікатныя моманты нашай гісторыі».
      .
Уладзімір Зяленскі і Дональд Туск у Варшаве. Фота: PAP/Radek Pietruszka

Прэм’ер-міністр Дональд Туск заявіў пасля сустрэчы ў Варшаве з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, што падчас перамоў «Польшча і Украіна знайшлі агульную мову ў пытанні валынскай трагедыі». Ён дадаў, што пытанне валынскай трагедыі — гэта справа, якая важная для блізкіх ахвяр.

«Гаворка ідзе пра далікатныя моманты нашай гісторыі», — падкрэсліў кіраўнік урада.

- Яны патрабуюць разумення з боку Украіны ў адносінах Польшчы і з боку Польшчы ў адносінах Украіны. Гэта павінна быць узаемным. Я не дазволю, каб у Польшчы гэта складаная і драматычная гісторыя выкарыстоўвалася ў палітычных гульнях, але буду вельмі паслядоўна працаваць над хуткім і сістэмным вырашэннем гэтай праблемы - гэта патрэба польскіх сем’яў годна пахаваць сваіх блізкіх, якія сталі ахвярамі валынскай трагедыі. Увогуле, гэта прынцып павінен вызначаць дзеянні ўсіх бакоў.

Дональд Туск падзякаваў Уладзіміру Зяленскаму за яго асабістыя дзеянні па дадзеным пытанні.

- Так, гэта па праву можам назваць прарывам. Дзякуй. Я ведаю, як шмат у вас сёння на плячах. Я ведаю, што азначае вайна. Я з вамі ад самага пачатку і тым больш цаню тое, што ў сваіх думках і сэрцах вы знаходзіце месца для сур’ёзнага роздуму над гэтай праблемай. І я ведаю, дарагі Уладзімір, як асабіста ты ў гэта ўключаны. Вялікі дзякуй за гэта.

На мінулым тыдні прэм’ер-міністр Дональд Туск паведаміў, што было прынята рашэнне пра першыя эксгумацыі польскіх ахвяр украінскіх нацыяналістаў. Кіраўнік урада падзякаваў міністрам культуры Польшчы і Украіны за добрую супрацу.

IAR/нг

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі прыбыў у Польшчу, каб размаўляць пра эксгумацыю ахвяр Валынскай разні

15.01.2025 08:22
На сённяшні дзень вядомыя толькі 5% пахаванняў ахвяр. Большасць з іх спачывае ў безыменных ямах смерці.