Прэзідэнт Польшчы падпісаў закон аб абмежаванні права на прытулак. Пра гэта Анджэй Дуда паведаміў на прэс-канферэнцыі перад вылетам у Італію.
Закон аб прадастаўленні абароны іншаземцам на тэрыторыі Польшчы прадугледжвае магчымасць часовага прыпынення права хадайнічаць аб міжнароднай абароне ў краіне:
- Я падпісаў згаданы закон, паколькі лічу яго неабходным для ўмацавання бяспекі нашых межаў і бяспекі грамадзян. Ён (закон - рэд.) сапраўды дае ўраду магчымасць прымяняць інструменты па абмежаванні міграцыі ў Польшчу і хадайніцтве тут аб міжнароднай абароне.
Раней прэм’ер Дональд Туск паведаміў, што калі прэзідэнт падпіша закон, Савет міністраў прыме яго ў аўторак, то бок на наступным паседжанні ўрада.
Прыпыненне дзеяння закона аб прытулку заклікана абмежаваць прыток нелегальных мігрантаў з Беларусі.
Савет міністраў па хадайніцтве кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі зможа прымяняць абмежаванні максімум на 60 дзён з магчымасцю іх падаўжэння яшчэ на 60 дзён са згоды Сейма.
IAR/аз