Беларуская Служба

Апытанне: Анджэй Дуда перамагае ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў

09.11.2019 09:14
Нягледзячы на тое, што А. Дуда перамагае з кожным патэнцыйным кандыдатам, яго перавага не з'яўляецца рашучай.
  .
Прэзідэнт Анджэй Дуда.PAP/Mateusz Marek

Вынікі апытання, праведзенага Інстытутам даследавання Pollster для выдання SuperExpress паказваюць, што ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў, якія адбудуцца ў першай палове 2020 году, цяперашні прэзідэнт Анджэй Дуда перамагае кожнага патэнцыйнага кандыдата.

Паводле газеты, Малгажата Кідава-Блоньска (Małgorzata Kidava-Błońska), магчымая кандыдатка ад найбуйнейшай апазіцыйнай партыі „Грамадзянская платформа”, аказваецца самым сур'ёзным палітычным канкурэнтам Анджэя Дуды ў гонцы за галоўную пасаду ў дзяржаве. Тым не менш, нават прадстаўніца апазіцыі прайграла б дзейнаму прэзідэнту на 8% працэнтаў.

Апытанне, на якое спасылаецца газета, паказвае, што калі б Анджэй Дуда і Малгажата Кідава-Блоньска выйшлі ў другі тур прэзідэнцкіх выбараў, то цяперашні прэзідэнт атрымаў бы 45% галасоў, а яго апанентка 37%.

У выпадку, калі б у другі тур увайшлі Анджэй Дуда і кандыдат ад Польскай сялянскай партыі Уладзіслаў Касіняк-Камыш (Władysław Kosiniak- Kamysz), то дзейны прэзідэнт атрымаў бы 45%, а ягоны супернік 34% галасоў.

Калі б у другі тур прэзідэнцкіх выбараў выйшаў Роберт Бедрань (Robert Biedroń) ад „Вясны”, то Дуда атрымаў бы 48%, а Бедрань - 33%.

Анджэй Дуда перамог бы з кожным патэнцыйным кандыдатам, але яго перавага не з'яўляецца рашучай.

Варта нагадаць, што пры гэтых прагнозах доля асобаў, якія пакуль не вырашылі, за каго галасаваць, складала ад 18% да 21 %, паведамляе SuperExpress.

аз