Польскі цэнтр міжнароднай дапамогі пачаў збор сродкаў для пацярпелых у Бейруце. Учора ў сталіцы Лівана адбыўся магутны выбух склада з амаль трыма тысячамі тон нітратаў. У выніку выбуху загінулі не менш за 100 чалавек і больш за 4 тысячы атрымалі раненні.
Выбух знішчыў многія будынкі ў радыусе некалькіх кіламетраў ад размешчанага ў порце склада. Польскі цэнтр міжнароднай дапамогі цяпер збірае грошы для пацярпелых у хрысціянскім раёне Бейрута, Бурдж Хамуд.
Як кажа Польскаму радыё кіраўнік Цэнтр Войцех Вільк, у шчыльнанаселеным раёне польская арганізацыя працуе ўжо некалькі гадоў:
-Мы просім дапамагчы нам, каб можна было як мага хутчэй перадаць туды матэрыялы, якія дазволяць аднавіць вокны. Неабходна тэрмінова забяспечыць фасады будынкаў, каб не пайшло далейшае разбурэнне.
Пра гатовасць да выезду ў Ліван паведамляла Польская пажарная варта. Калі ліванскі бок дасць згоду, то на месца катастрофы з Польшчы зможа вылецець спецыяльная пошукава-выратавальная група.
Мэр Бейрута кажа, што страты ад выбуху дасягаюць мільярдаў долараў. Інцыдэнт адбыўся ў той час, калі Ліван змагаецца з магутным эканамічным крызісам. Кошт мясцовай валюты няўхільна зніжаецца, а ў Бейруце электрычнасць падаецца ўсяго некалькі гадзін у дзень. Ліван таксама змагаецца з наступствамі пандэміі каранавіруса.
IAR/эж