Беларуская Служба

У Польшчы закрыюць кінатэатры, тэатры, галерэі ды іншыя ўстановы культуры

05.11.2020 11:06
Новыя абмежаванні прынятыя з-за рэзкага росту колькасці каранавірусных інфекцый.
Ілюстрацыйны здымакPixabay.com/Clker-Free-Vector-Images/CC0 Creative Commons

Згодна рашэнню польскіх уладаў, установы культуры ў Польшчы будуць зачыненыя з 7 па 29 лістапада з-за абмежаванняў па стрымліванні распаўсюджвання каранавіруса. Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны абвясціла аб дадатковай падтрымцы гэтага сектара. З суботы канцэртныя залы, оперы, аперэты, тэатры, музеі, кінатэатры, грамадскія цэнтры, бібліятэкі і мастацкія галерэі не будуць працаваць. Гэта азначае, што там нельга арганізоўваць мерапрыемствы з удзелам гледачоў. Аднак гэта не выключае правядзення – з улікам правілаў санітарнага рэжыму – падзеяў, звязаных з падрыхтоўкай да арганізацыі мастацкіх мерапрыемстваў, дыстанцыйнай працы або анлайн-выступаў. Інтэрнэт-імпрэзы таксама могуць быць арганізаваны без удзелу грамадскасці.

Міністэрства культуры на заўтра прызначыла сустрэчу Антыкрызіснай групы, падчас якой міністр Пётр Глінскі праінфармуе аб дзеяннях, якія прымаюцца ў сувязі з уведзенымі абмежаваннямі. Міністэрства нагадвае, што заканадаўчая праца, звязаная з выдзяленнем дадатковых 25 мільёнаў злотых на сацыяльную дапамогу творцам, завершана. Новыя правілы ўступілі ў сілу ўчора. Міністэрства пачне выплачваць сродкі неадкладна.

ПР/нг