Міністэрства развіцця, працы і тэхналогій рыхтуе новы закон аб працаўладкаванні замежнікаў. Асабліва неабходна спрасціць працэдуры пры працаўладкаванні грамадзян краін, якія не з’яўляюцца членамі Еўрапейскага Саюза, кажа дырэктар Дэпартамента рынку працы Эва Фляшыньска(Ewa Flaszyńska):
- Перш за ўсё, гэта адказ на патрэбы працадаўцаў, бо гэта менавіта яны скардзяцца на складаныя працэдуры. Мы хацелі б зрабіць гэтыя працэдуры больш простымі і магчымымі да афармлення па інтэрнэце. Новы закон будзе створаны сумесна з Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі, паколькі гаворка ідзе таксама пра ахову месцаў працы ў Польшчы і бяспеку нашых грамадзян.
Паводле дырэктар Эвы Фляшыньскай, важна, каб замежнікі працавалі ў тых прафесіях, якія патрэбны на польскім рынку.
Да пандэміі замежнікі з гэтак званых „трэціх” краін, то бок краін, якія не з’яўляюцца членамі ЕС, працавалі ў асноўным у сельскай гаспадарцы, будаўніцтве і розных відах паслуг. Цяпер гэта можа змяніцца, улічваючы, што, напрыклад, гасцініцы і рэстараны асабліва пацярпелі ад пандэміі каранавіруса.
аз