Беларуская Служба

Польшча вядзе вельмі прасунутыя перамовы аб атрыманні ад Швецыі самалётаў ранняга папярэджання

22.05.2023 17:28
Міністр Марыюш Блашчак падкрэсліў, што набыццё машынаў са Швецыі мае на мэце ўмацаванне абароны краіны і ўсяго ўсходняга флангу NATO.
Міністры абароны Паўночнай групы PAP/Radek Pietruszka

Віцэ-прэм'ер, міністр нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак упершыню абвясціў, што Польшча вядзе вельмі прасунутыя перамовы аб атрыманні ад Швецыі самалётаў ранняга папярэджання. Пра гэта кіраўнік Мінабароны заявіў пасля перамоваў з міністрам абароны Швецыі Палам Ёнсанам.

Міністр Марыюш Блашчак падкрэсліў, што набыццё машынаў са Швецыі мае на мэце ўмацаванне абароны краіны і ўсяго ўсходняга флангу NATO. Ён дадаў, што польска-швэдскае суседства праз Балтыйскае мора прыводзіць да агульнага ўспрымання пагрозаў з боку Расіі. Кіраўнік Мінабароны выказаў надзею, што перамовы са Швецыяй неўзабаве закончацца поспехам.

Міністры абароны з 12 краін, якія ўваходзяць у NATO ці Еўрасаюз, правялі сустрэчу пад Варшавай у рамках Паўночнай групы. Падчас сустрэчы міністры абмеркавалі бяспеку ўсходняга флангу NATO, узмацненне механізмаў стрымлівання і абароннага патэнцыялу ў сувязі з рэальным наступальным патэнцыялам Расіі. Таксама абмяркоўваліся магчымасці ўмацавання абараназдольнасці Украіны і парадак дня саміту NATO ў Вільні.

Заўтра ў Бруселі міністр Марыюш Блашчак сустрэнецца з міністрамі абароны краінаў-сябраў Еўрасаюзу.

ав