- Усе суседзі Расіі знаходзяцца пад пагрозай, калі Украіна не выйграе вайны. Але Украіна выйграе вайну, – заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў панядзелак у парламенце Даніі, падзякаваўшы за самалёты F-16.
У другі дзень візіту ў Данію Зяленскі наведаў Фолькетынг (аднапалатны парламент). У нядзелю прэм'ер-міністр Даніі Метэ Фрэдэрыксэн абвясціла аб перадачы Украіне 19 знішчальнікаў F-16.
Кіраўнік украінскай дзяржавы прызнаўся, што верыць у чалавечую салідарнасць і запэўніў, што з дапамогай Захаду Украіна выйграе вайну. «Любая краіна можа стаць мішэнню. Упэўнены, вы гэта адчуваеце», – папярэдзіў ён.
Зяленскі падзякаваў Даніі за перададзенае ўзбраенне, пералічыўшы яго віды, і асабліва за нядаўнюю дэкларацыю аб перадачы знішчальнікаў F-16. «У нейкі момант было сказана, што гэтага ніколі не будзе», – нагадаў ён.
Па словах Зяленскага, калі Пуцін пачаў уварванне ва Украіну, то лічыў, што «зло можа змяніць гісторыю». «Ён верыў толькі ва ўладу, без чалавека. Ён верыў у гвалт, і таму ён слабы. Мы верым у іншае, і таму мы разам з вамі моцныя», – падкрэсліў прэзідэнт Украіны, узнагароджаны апладысментамі.
Уладзімір Зяленскі выступіў перад парламентам з кароткай прамовай. У праграме таксама аўдыенцыя прэзідэнцкай пары ў каралевы Даніі Маргрэтэ II, а таксама сустрэча з групай украінцаў.
ав