Прэзідэнт Анджэй Дуда запэўніў, што Польшча падтрымлівае і будзе падтрымліваць Украіну ў барацьбе з расійскім агрэсарам. Аднак, дадаў ён, украінцы павінны разумець рашэнне Польшчы адносна эмбарга на ўвоз украінскага збожжа.
У эфіры Polsat News палітык заклікаў да спакою па гэтай справе і адзначыў, што «збожжавая спрэчка» – гэта толькі невялікая частка польска-ўкраінскіх адносін.
Анджэй Дуда падкрэсліў, што Польшча не можа дапусціць, каб ейны рынак заліла ўкраінская сельскагаспадарчая прадукцыя:
- Мы не можам на гэта пагадзіцца, паколькі мы таксама павінны абараняць свае інтарэсы. Я разумею, што суседзям з Украіны ўсё роўна, куды яны прададуць сваё збожжа, але нам не ўсё роўна. Адтуль і спрэчка, якая хутчэй за ўсё, будзе вырашаная судовым шляхам.
Прэзідэнт Анджэй Дуда выказаў спадзяванне, што эмоцыі вакол гэтага пытання хутка сціхнуць і спрэчка будзе вырашаная. Паводле яго, гэта трэба зрабіць «на карысць абедзвюх краін».
IAR/аз