З-за неатрымання абсалютнай большасці галасоў Сейм не абраў ні спікерам, ні віцэ-спікерам прадстаўніцу «Права і справядлівасці» Эльжбету Вітэк, якая раней была старшынёй Сейму.
«Тое, што Эльжбета Вітэк не здабыла падтрымкі ніжняй палаты парламенту звязана з тым, як яна вяла парламенцкія пасяджэнні ў апошнія гады», патлумачыла ў эфіры Польскага радыё дэпутатка «Левых» Дар’я Госэк-Папёлэк.
«Гэта была перадусім ацэнка таго, як спікер Вітэк кіравала працай парламенту на працягу чатырох гадоў. У нас ёсць шмат сумневаў наконт выканання пэўных працэдур, і нават канстытуцыйнасці некаторых рашэнняў спікера. На мой погляд, знаходжанне ў прэзідыуме Сейма абумоўлена не толькі ацэнкай пэўных здольнасцяў, заслуг, прафесійнага ці жыццёвага шляху кандыдата, але нам трэба было галасаваць з перакананнем, што працэдуры будуць выконвацца», – сказала Дар'я Госэк-Папёлэк.
У сваю чаргу, дэпутатка «Права і справядлівасць» у Еўрапарламенце Бэата Шыдла заявіла, што адсутнасць прадстаўніка яе партыі ў прэзідыуме Сейма з’яўляецца скандальным рашэннем і непавагай да мільёнаў выбаршчыкаў.
У эфіры Polskie Radio 24 Бэата Шыдла падкрэсліла, што такія паводзіны цяперашніх апазіцыйных партыяў не адпавядаюць ягоным абяцанням захоўваць дэмакратычныя стандарты.
«Гэтая большасць, якая хоча ўзяць уладу і дамінуе ў парламенце, паказала, якія гэта будуць стандарты. Гэта беспрэцэдэнт, калі самы вялікі клуб у парламенце не мае свайго прадстаўніка ў прэзідыуме», – сказала Бэата Шыдла.
Учора Сейм абраў спікерам Шымана Галоўню з партыі «Польшча 2050». За яго прагаласавалі 265 дэпутатаў. Яго кандыдатуру сумесна падалі чатыры апазіцыйныя партыі – акрамя «Польшчы 2050», таксама «Грамадзянская кааліцыя»(Koalicja Obywatelska), «Польская сялянская партыя» і «Левыя».
Віцэ-спікерамі Сейма сталі прадстаўнікі партый, якія раней былі ў апазіцыі да «Права і Справядлівасці»: Моніка Веліхоўска і Дарота Нядзеля ад «Грамадзянскай кааліцыі», Пётр Згажэльскі ад «Польскай сялянскай партыі», Уладзімір Чажасты ад «Левых» і Кшыштаф Босак ад «Канфедэрацыі».
яс