Беларуская Служба

Польшча папярэджвае Фінляндыю

21.11.2023 12:13
Расія будзе паўтараць сцэнар атакі фінскай мяжы нелегальнымі мігрантамі, які спрабаваў рэалізаваць Лукашэнка на польскай і літоўскай граніцах.
   .
Мяжа Фінляндыі з Расіяй. Ілюстрацыйнае фотаscreenshot z Youtube Euronews

Намеснік міністра нацыянальнай абароны Войцех Скуркевіч заявіў у 1-й праграме Польскага радыё, што расійскія спробы дэстабілізацыі на мяжы Беларусі з суседнімі краінамі — Польшчай і Латвіяй — праваліліся. Цяпер расіяне паўтараюць гэтую тактыку на мяжы з Фінляндыяй, дзеля аслаблення ўсходняга флангу NATO.

«Фінляндыя з'яўляецца членам НАТА з 2023 года, і чакалася, што такія дзеянні будзе праводзіць Расія. Мы неаднаразова паказвалі маршрут, які выкарыстоўваўся для дэстабілізацыі польскай мяжы. Ён неаднаразова вёў праз Беларусь у Маскву», — сказаў намеснік кіраўніка Міністэрства нацыянальнай абароны.

Фінляндыя ўжо пачала будаваць загароды на памежных пераходах з Расіяй. Гэткім чынам Хельсінкі хочуць абараніцца ад наплыву нелегальных мігрантаў, якія маскоўскі рэжым завозіць на расійска-фінскую мяжу. На частках памежных пераходаў фіны ўзмацнілі памежнікаў вайскоўцамі, а ў канцы мінулага тыдня цалкам закрылі чатыры з дзевяці памежных пераходаў з Расіяй.

Пры гэтым у самой Польшчы напружаная сітуацыі застаецца на межах з Беларуссю і Славакіяй. За апошнія суткі 44 чалавекі спрабавалі нелегальна трапіць з Беларусі ў Польшчу. Гэта замежнікі з пяці краін - Індыі, Шры-Ланкі, Сірыі, Афганістана і Ірана. Учора мігранты спрабавалі перасекчы мяжу нават 30-асабовай групай. Памежная служба паведаміла, што сёлета ў Польшчу нелегальна спрабавалі трапіць замежнікі з 52 краін.

Працягваюцца памежныя праверкі на мяжы са Славакіяй. За апошнія суткі супрацоўнікі памежнай службы праверылі 7700 чалавек і 4100 транспартных сродкаў. З 4 кастрычніка, калі быў адноўлены часовы памежны кантроль, супрацоўнікі памежнай службы праверылі 549 тысяч чалавек і 229 тысяч транспартных сродкаў на мяжы Славакіі ды Польшчы.

Часовы памежны кантроль на мяжы са Славакіяй дзейнічае да 22 лістапада, але Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі хоча яго падоўжыць да 3 снежня.

ПР/юл