Польскае аператыўнае камандаванне ўзброеных сіл абвясціла аб актывізацыі польскай і саюзнай авіяцыі ў сувязі з узмацненнем актыўнасці авіяцыі расійскай федэрацыі.
«Назіраецца ўзмоцненая актыўнасць авіяцыі РФ, што звязана з намерам нанесці ўдары па тэрыторыі Украіны», - гаворыцца ў паведамленні камандавання на платформе X.
Прэс-сакратар Аператыўнага камандавання Узброеных сіл падпалкоўнік Яцэк Гарышэўскі паведаміў, што на ўсёй тэрыторыі Украіны дзейнічае супрацьпаветраная трывога. Таму былі прыняты рашэнні аб актывізацыі авіяцыі і павышэнні баявой гатоўнасці нашых зенітных сродкаў.
Падпалкоўнік Гарышэўскі адзначыў, што не можа паведаміць падрабязнасці праведзеных дзеянняў «у сувязі з бяспекай аперацыі». Вайсковец зазначыў толькі, што выкарыстоўваліся польскія і саюзніцкія дзяжурныя пары, якія пастаянна дыслакаваныя ў Польшчы. «Адразу пасля завяршэння мерапрыемстваў мы паведамім аб канкрэтным удзеле нашай арміі», — паведаміў прэс-сакратар Аператыўнага камандавання Узброеных Сіл.
У заяве аператыўнага камандавання гаворыцца, што «распачаты ўсе неабходныя працэдуры для забеспячэння бяспекі паветранай прасторы Польшчы». «Папярэджваем, што актывізавалася польская і саюзная авіяцыя, што можа прывесці да павышэння ўзроўню шуму, асабліва ў паўднёва-ўсходняй частцы краіны», — паведамляе Аператыўнае камандаванне Узброеных сіл.
ПР/юл