Пяць гадоў таму ў выніку нападу і нажавога ранення загінуў мэр Гданьска. Лаўка, на якой сядзіць Павел Адамовіч, знаходзіцца на беразе Матлавы, насупраць славутага гданьскага жураўля (пад’ёмны кран у порце на беразе ракі).
Падчас кароткай цырымоніі дачка забітага мэра Гданьска распавяла, што яе бацька заўсёды імкнуўся ператварыць гэтую частку горада ў месца, якое служыць людзям. Антаніна Адамовіч падкрэсліла, што гэта найлепшае месца для помніка-лаўкі Паўлу Адамовічу. «Я вельмі шчаслівая, што тут пабудавалі гэтую лаўку, што мой бацька сядзіць там, дзе практычна ўвесь год ёсць людзі», – сказала Антаніна Адамовіч.
Павел Адамовіч быў паранены нажом 13 студзеня 2019 года падчас фіналу Вялікага аркестра каляднай дабрачыннасці ў Гданьску. Ён памёр у шпіталі 14 студзеня, а 19 студзеня адбылося яго пахаванне ў базіліцы Святой Марыі. Забойца Стэфан Вільмонт асуджаны да пажыццёвага зняволення ў сакавіку 2023 года.
Адкрыццё лаўкі Паўла Адамовіча адбылося ў рамках адзначэння пятай гадавіны смерці мэра Гданьска.
IAR/нг