Беларуская Служба

«Трэба памятаць, што спадар Пачобут мае сваё меркаванне на гэты конт»- канцылярыя прэзідэнта РП

09.08.2024 09:07
Малгажата Папроцкая запэўніла, што для вызвалення Пачобута прыкладаюцца ўсе намаганні.
Кіраўнічка Канцылярыі прэзідэнта Рэспублікі Польшча Малгажата Папроцкаяscreen TVN24

«Прэзідэнт Анджэй Дуда вельмі заклапочаны вызваленнем Анджэя Пачобута. І магу вас абсалютна запэўніць, што ў гэтым пытанні прыкладаюцца ўсе намаганні», заявіла ў эфіры TVN24 кіраўнічка Канцылярыі прэзідэнта Рэспублікі Польшча Малгажата Папроцкая (Małgorzata Paprocka).

Сёння ў праграме «Адзін у адзін» (Jeden na jeden) Малгажату Папроцкую запыталі пра журналіста Анджэя Пачобута, зняволенага рэжымам у Мінску ў кантэксце найбуйнейшага абмену палонных часоў халоднай вайны паміж Расіяй, Беларуссю і краінамі Захаду, якая адбылася 1 жніўня ў Турцыі.

У аперацыі ўдзельнічалі 24 чалавекі з турмаў сямі краін. Польшча таксама ўдзельнічала і вызваліла агента расійскай вайсковай выведкі ГРУ Паўла Рубцова.

Малгажата Папроцкая запэўніла, што для вызвалення Пачобута прыкладаюцца ўсе намаганні. Аднак зазначыла, што «Пачобут мае на гэты конт сваё меркаванне і, перш за ўсё, ён не хоча пакідаць Беларусь без магчымасці туды вярнуцца. І да гэтага элемента таксама трэба ставіцца вельмі сур'ёзна ў гэтым пытанні», падкрэсліла яна.

Папроцкая запэўніла, што «ёсць адпаведныя каналы для кантакту з Пачобутам» і што гэта пытанне, якое пастаянна стаіць на парадку дня прэзідэнта.
Кіраўнічка Канцылярыі прэзідэнта Дуды дадала што «справа спадара Пачобута — справа не васьмі месяцаў, а некалькіх гадоў». Папроцкая спадзяецца, «што гэтая справа неўзабаве знойдзе добры фінал».

яс