Беларуская Служба

Палякі баяцца будучыні, і больш за ўсё — вайны

02.01.2025 11:49
Ажно 60,2 працэнта рэспандэнтаў адчуваюць трывогу, думаючы пра 2025 год, гэта вынікае з апытання United Surveys, праведзенага IBRiS для Dziennik Gazeta Prawna.
Czego obawiają się Polacy? Sondaż
Czego obawiają się Polacy? SondażShutterstock/Below the Sky

У адказ на пытанне «Калі вы думаеце пра 2025 год, адчуваеце  больш страху ці надзеі?» 15 працэнтаў рэспандэнтаў адказалі: «Безумоўна, страх». Пазітыўныя пачуцці ў 39,8% апытаных, 19,1 працэнта маюць «хутчэй надзею» і 20,7 працэнта сказалі, што «адназначна маю надзею».

У адказ на пытанне «Чаго вы больш за ўсё баіцеся ў 2025 годзе?» жыхары Польшчы адказвалі пра непасрэднае ўцягванне Польшчы ў вайну і эскалацыю канфлікту ва Усходняй Еўропе. Абодва адказы склалі 51,6 працэнта.

Трэцяя прычына для перажыванняў — верагоднасць пагаршэння фінансавага становішча. Заклапочанасць з гэтай нагоды адчуваюць 29% апытаных.
Палякаў таксама хвалююць пытанні, звязаныя з пагаршэннем сітуацыі ў ахове здароўя (23,1 працэнта адказаў) і актывізацыяй дэзінфармацыі ў публічнай прасторы (22,3 працэнта).

Людзей таксама хвалююць пытанні палітыкі. «17,8% баяцца патэнцыйнай перамогі Караля Наўроцкага на прэзідэнцкіх выбарах (Караль Наўроцкі будзе балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах ад партыі «Права і справядлівасць»), а 16,8% адчуваюць трывогу з нагоды гіпатэтычнай перамогі Рафала Тшаскоўскага (мэр Варшавы, будзе ўдзельнічаць у выбарах прэзідэнта Польшчы ад Грамадзянскай кааліцыі.

Паводле апытання, таксама згадваліся занепакоенасць паглыбленнем спрэчак у сістэме правасуддзя (14 працэнтаў) і ўзмацненнем палітычнага канфлікту (11,2 працэнта). Таксама ёсць асцярогі з нагоды эскалацыі кліматычнага крызісу (12,2%).

«Вынікі даследавання яскрава паказваюць, што мы ўступаем у новы 2025 год з вялікай заклапочанасцю. Я думаю, што гэта павінна стаць відавочным сігналам ураду, што людзей не зусім задавальняе той кірунак, у якім рухаецца не толькі наша краіна, але ўвесь рэгіён Цэнтральнай і Усходняй Еўропы», – сказаў у інтэрв'ю DGP доктар хаб. Шымон Асоўскі, прафесар Універсітэта Адама Міцкевіча ў Познані, дэкан факультэта паліталогіі і журналістыкі.

Апытанне праводзілася на выбарцы з 1000 дарослых палякаў 20-22 снежня 2024 г.

Паводле Dziennik Gazeta Prawna/вх