«Уся Польшча наперад» — гэта перадвыбарчы лозунг кандыдата ад Грамадзянскай кааліцыі Рафала Тшаскоўскага. Мэр Варшавы афіцыйна распачаў барацьбу за Прэзідэнцкі палац. Палітык паведаміў, што першы пункт на яго агітацыйнай мапе - Падляшша. Рафал Тшаскоўскі пераконвае, што хоча быць актыўным прэзідэнтам:
— Нам усім патрэбны прэзідэнт, які будзе актыўны, які возьме справу ў свае рукі, і, перш за ўсё, прэзідэнт, які будзе незалежны. Гэта кампанія будзе вельмі інтэнсіўнай і кожная яе гадзіна будзе важнай.
Кандыдат ад Грамадзянскай кааліцыі таксама пракаментаваў словы Караля Наўроцкага — свайго галоўнага апанента, звязанага з партыяй «Права і справядлівасць», які надоечы заявіў, што не бачыць месца для Украіны ў НАТА і ЕС.
Рафал Ташаскоўскі адзначыў, што такое стаўленне Караля Наўроцкага да Кіева можа быць расцэнена як падтрымка Пуціна:
— Дагэтуль здавалася, што ў Польшчы ва ўсіх палітыкаў ёсць разуменне, што мы ўсе згодныя з тым, што трэба змагацца з Пуціным. Той, хто зараз кажа, што Украіна не можа быць у НАТА, насамрэч падтрымлівае Пуціна.
Першы тур прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы адбудзецца 18 траўня.
iar/эж