Дар’я і Максім з дзецьмі – Васілём і Сафіяй – прыехалі па запрашэнні мэрыі з расійскага Екацярынбурга.
Новых жыхароў Бельска-Бяла віталі ў Ратушы мэр Яраслаў Клімашэўскі і старшыня Рады Дарота Пегзік-Ізыдорчык.
Яцэк Кахель з прэс-службы мэрыі паведаміў, што сям’я атрымала муніцыпальную кватэру, якую адрамантавалі і абсталявалі за кошт мэтавай датацыі з дзяржаўнага бюджэту.
Чыноўнікі дапамагаюць сям'і з неабходнымі фармальнасцямі. Новыя жыхары ўжо падалі заявы на ID-карты і атрымалі нумары PESEL (персанальны нумар).
«На гэтым тыдні яны будуць падаваць заяву на пацвярджэнне свайго польскага грамадзянства. Бацькі (...) ужо выбралі школу, дзе іх дзеці пачнуць навучанне пасля канікул», - паведаміў Кахель.
Максім і Дар'я скончылі Екацярынбургскі ўніверсітэт. Мужчына спецыялізуецца на хімічнай тэхналогіі прыродных энерганосьбітаў і вугляродных матэрыялаў. Ён таксама мае адукацыю ў галіне эканомікі і кіравання бізнесам. Дар'я скончыла культуралогію. У яе польскія карані: з польскай культурай і мовай яе пазнаёміла бабуля.
Томаш Фіцань, прэс-сакратар мэрыі Бельска-Бяла паведаміў PAP, што ў горадзе ўжо пасяліліся дзве рэпатрыіраваныя сям'і - усяго 11 чалавек.
PAP/юл