Італія мае намер дамагчыся іх адмены. Пасля сустрэчы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным прэмʼер-міністар Італіі Джузэпэ Контэ заявіў, што Рым працуе над адменай антырасейскіх санкцый ЕЗ, піша ANSA.
Паводле яго слоў, санкцыі – гэта такі «стан адносінаў», які з’яўляецца дрэнным і для ЕЗ, і для Расеі. Адносіны паміж Італіяй і РФ ён назваў выдатнымі.
Пры гэтым Контэ запярэчыў Пуціну, які заявіў, што ўся адказнасць за вырашэнне канфлікту ляжыць на Украіне. «Калі прэзідэнт Пуцін, мой сябар, кажа, што не ўсё залежыць ад Расеі, ён занадта сціпла паводзіць сябе. На самай справе Расея можа згуляць важную ролю ў вырашэнні гэтай спрэчкі», – падкрэсліў італьянскі прэмʼер.
Як паведамлялася, у ходзе візіту ў Італію Пуцін сустрэўся ў рымскім аэрапорце з былым прэмʼер-міністрам Італіі Сільвіа Берлусконі, а таксама пабываў на аўдыенцыі ў Папы Рымскага Францішка, з якім, у тым ліку, размаўляў пра Украіну.
ав