Нягледзячы на забарону дэманстрацый у дзень святкавання 70-годдзя з дня заснавання КНР, у Ганконгу зноў адбыліся жорсткія сутыкненні актывістаў з паліцыяй. Для разгону дэманстрантаў паліцыя ў аўторак, 1 кастрычніка, ужыла слезацечны.
Па дадзеных агенцтва Reuters, у больніцы з рознымі траўмамі дастаўлены 15 чалавек. У сваю чаргу AFP паведамляе, што адзін з дэманстрантаў атрымаў цяжкае кулявое раненне, пасля таго як у яго стрэліў паліцэйскі.
Раней адразу ў некалькіх раёнах Ганконгу прайшлі мірныя акцыі прыхільнікаў дэмакратыі. Адна з груп скандавала: «Гэта не нацыянальнае свята, гэта дзень нацыянальнай жалобы!» Адначасова актывісты патрабавалі вызвалення затрыманых аднадумцаў.
У Пекіне з нагоды 70-годдзя ўсталявання камуністычнага рэжыму адбыўся найбуйнейшы ў гісторыі КНР ваенны парад, у якім удзельнічалі 15 тысяч вайскоўцаў, больш за 150 самалётаў, 580 танкаў ды іншыя віды ваеннай тэхнікі кітайскай вытворчасці, у тым ліку міжкантынентальныя ракеты, якія могуць быць аснашчаны ядзернай зброяй. Назіральнікі расцанілі гэта як дэманстрацыю моцы і прэтэнзіяў Кітая на лідарства ў свеце.
У Ганконгу таксама адзначалі 70-годдзе з дня заснавання КНР, але – удалечыні ад грамадскасці. У гандлёва-выставачным цэнтры Ганконга запрошаныя госці назіралі за цырымоніяй ушанавання кітайскага сцяга, якая перадавалася ў прамым эфіры. Два верталёты з вялікім кітайскім і менш буйным ганконгскім сцягам здзейснілі аблёт гавані ў былой брытанскай калоніі.
паводле dw.com/эж