Беларуская Служба

Амаль 100 чалавек загінула падчас пратэстаў у Іраку

06.10.2019 13:15
Карупцыя, высокае беспрацоўе і дрэнная праца дзяржаўных службаў  - гэта асноўныя прычыны незадаволенасці маладых іракцаў.
Пратэсты ў Іраку PAP/EPA/MURTAJA LATEEF

Пра гэта сведчаць звесткі мясцовай парламенцкай камісіі па правах чалавека. Яшчэ каля 3 тысяч чалавек атрымалі траўмы. Акцыі пратэсту пачаліся пяць дзён таму, і пакуль уладам не атрымоўваецца стрымаць пратэстоўцаў. Улады спрабуюць змагацца з беспарадкамі з дапамогай каменданцкай гадзіны і амаль поўнага адключэння інтэрнэту.

У суботу 5 кастрычніка каменданцкая гадзіа была адмененая, і невялікія групы пратэстуючых аднавілі акцыі. Цэнтрам пратэстаў была гарадская плошча Тахрыр, аднак цяпер яна заблакаваная, паведамляюць іракскія СМІ.

Карупцыя, высокае беспрацоўе і дрэнная праца дзяржаўных службаў  - гэта асноўныя прычыны незадаволенасці маладых іракцаў.

Беспарадкі пачаліся знянцку, без фармальных лідэраў, у паўднёвых раёнах, населеных пераважнашыітамі, і хутка распаўсюдзіліся па ўсёй краіне.Агулам было арыштавана 540 пратэстоўцаў, з іх 200 чалавек па-ранейшаму застаюцца пад вартай, паведамілі ў парламенцкай камісіі.

Ірак валодае чацвёртымі па велічыні запасамі нафты. Аднак, па дадзеных Сусветнага банка, у 2014 годзе амаль чвэрць насельніцтва краіны жыла на менш чым 1,9 даляра ў дзень. У кожнай шостай сям'і адчуваецца недахоп харчавання. У 2018 годзе ўзровень беспрацоўя дасягаў 7,9%, але сярод моладзі ён удвая вышэйшы. Амаль 17% працаздольных іракцаў могуць знайсці толькі часовую працу.

Краіна ўсё яшчэ аднаўляецца ад наступстваў вельмі цяжкай вайны з баевікамі ІД, якія ў 2014 годзе захапілі значную частку захаду і поўначы Ірака. Паводле ацэнак ўрада Ірака і Сусветнага банка, на аднаўленне краіны спатрэбіцца не менш як 88 млрд даляраў.

паводле bbc.com/эж