Беларуская Служба

Дуда: Польшча адыграла важную ролю ў дэмакратычных пераменах у Еўропе

09.11.2019 13:17
Прэзідэнт Польшчы ўдзельнічае ў Берліне ва ўрачыстасцях з нагоды 30-годдзя падзення Берлінскай сцяны.
     i   - .
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда i прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер.PAP/EPA/OMER MESSINGER

Жалезная заслона сімвалічна ўпала праз развал Берлінскай сцяны, лічыць прэзідэнт Польшчы. Анджэй Дуда ўдзельнічае ў Берліне ва ўрачыстасцях з нагоды 30-годдзя падзення Берлінскай сцяны.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Польшча адыграла важную ролю ў дэмакратычных пераменах, якія адбыліся ў гэтай частцы Еўропы.

- Свабода, якая канчаткова змяніла ход гісторыі, гэта была Польшча 1988-1989 гадоў. Гаворка ідзе спачатку пра Круглы стол, а пазней першыя часткова свабодныя выбары ў краіне, на якіх палякі масава сказалі „не” камуністам. Гэта было самае важнае.

Падзенне Берлінскай сцяны стала сімвалам заканчэння халоднай вайны і камунізму ў Еўропе. Сцяна даўжынёй у амаль 150 кіламетраў аддзяляла заходні Берлін ад усходняга на працягу 28 гадоў. Памежныя пераходы паміж абедзвюма часткамі цяперашняй нямецкай сталіцы былі адкрытыя 9 лістапада 1989 года.

Пры нагодзе візіту ў Германіі прэзідэнт Анджэй Дуда ўшануе памяць палякаў, якія загінулі ў нямецкім лагеры смерці Заксенхаўзен. Канцлагер быў заснаваны ў 1936 годзе і дзейнічаў дзевяць гадоў. Там загінула шмат прадстаўнікоў польскай інтэлігенцыі, сярод іншых камандуючы Арміяй Краёвай Стэфан Грот - Равецкі.

аз