Сёння адбудзецца пазачарговая сустрэча кіраўнікоў міністэрстваў унутраных спраў краін-членаў Еўрасаюза, прысвечаная міграцыйнаму крызісу на беларуска-літоўскай мяжы. Склікаць сустрэчу Славенію, якая ў цяперашні час кіруе працай Савета ЕС, папрасіла Літва. Тэму працягвае карэспандэнт Польсакага радыё Каміль Залеўскі:
-На сустрэчы будзе абмяркоўвацца не толькі актуальная міграцыйная сітуацыя на літоўскай мяжы, але і ў суседніх краінах. Пасля таго, як Літва стала вяртаць нелегалаў у Беларусь, іх колькасць вырасла таксама на мяжы з Польшчай і Латвіяй. Мэтай сустрэчы кіраўнікоў МУС членскіх краінаў ЕС таксама з’яўляецца вызначэнне канкрэтных мераў і сродкаў прадухілення нелегальнай міграцыі. Раней кіраўнік МУС Літвы Агнэ Білатэйце заявіла, што рэакцыя Еўрасаюза павінна быць рашучая, з законы адназначныя і прыстасаваныя да новай рэчаіснасці.
Праблема нелегальнай міграцыі з Беларусі ў Літву абвастрылася ў канцы траўня. Са студзеня літоўскія памежнікі затрымалі больш за чатыры тысячы нелегалаў. Большасць з іх – грамадзяне Ірака. У Вільні з самага пачатку кажуць, што гэта наўмысная акцыя ўладаў у Мінску, і называюць гэта формай гібрыднай вайны.
IAR/кз/аз